Паспяховыя кампаніі > Бізнэс-школа ІПМ

Першым партнёрам праекта «Тваё заўтра» стала бізнес-школа ІПМ. Яе кіраўнік Павел Данейка працаваў за мяжой, але рэалізаваў у Беларусі паспяховы праект бізнес-школы, дзе павысілі сваю кваліфікацыю тысячы бізнесменаў і менеджэраў. На яго думку, беларускія выпускнікі заходніх ВНУ на рынку запатрабаваныя.

- У свой час Вы пакінулі працу ў НДІ і сышлі ў бізнес. Адчулі, што на гэтай ніве можна самарэалізавацца, стаць паспяховым?

- Я не хацеў дамагчыся поспеху, нават не думаў у гэтых катэгорыях. У 90-я гады з'явілася шмат магчымасцяў, мне было цікава паспрабаваць, папрацаваць ўсюды. З 1991 года я не працаваў па найму. Займаўся фінансавай дзейнасцю, кансалтынгам, потым вярнуўся ў адукацыю. Я недастаткова люблю грошы, каб працаваць толькі дзеля грошай. Чысты заробак грошай, без канцэпцыі, мяне не задавальняў.

- У краіне, дзе аснову эканомікі складалі дзяржаўныя прадпрыемствы, а слова «бізнес» доўгі час было амаль лаянкавым, Вы адкрылі бізнес-школу. Гэта і была рэалізацыі «канцэпцыі»?

- Я ўбачыў акно магчымасцяў у гэтым бізнесе. Калі ўвайсці ў гэтае акно занадта рана, то ты маеш праблемы з рынкам, а калі занадта позна, то маеш праблемы з канкурэнцыяй. У тыя гады можна было пачынаць любы праект, таму што тады нічога не было, практычна любы перанос на нашу глебу заходняй практыкі даваў вынікі. Цяпер знайсці сваю нішу складаней, з'явілася канкурэнцыя. Разумею, што дзесьці мне пашанцавала, сышліся ўсе фактары, і бізнес-школа ІПМ стала паспяховым праектам. Бо нават выбітны бізнесовец можа пацярпець няўдачу, напрыклад, Генры Форд станавіўся банкрутам двойчы. Каб бізнес апынуўся паспяховым, павінна сысціся шмат фактараў, а ў мяне склалася адразу.

- Ёсць цяпер у беларускім бізнесе незанятыя нішы, дзе можна сябе паспрабаваць маладым людзям, якія атрымалі заходні дыплом?

- У Беларусі няма такой канкурэнцыі, як напрыклад у ЗША, так што ў нас пакуль можна займацца ўсім. Але сёння актуальна ўсё тое, што звязана з паслугамі, там у нас некранутае поле. Толькі зараджаецца рэстаранны бізнес. Актуальна ўсё, што звязана з новымі тэхналогіямі, у першую чаргу ІТ. Там прастора бясконцая, змяненняў шмат, высокі попыт.

- А ці гатовыя беларускія працадаўцы браць на працу беларускіх выпускнікоў заходніх ВНУ, ці ёсць попыт на іх кампетэнцыі?

- Захад дае і адукацыю, і бачанне бізнесу, якое тут пачынае прыжывацца. У Беларусі з'явіліся экспаты, якіх наймае на працу беларускі бізнес. Калі ў Расіі, Украіне экспаты працуюць у філіялах заходніх кампаній, то ў нас - у буйных беларускіх прыватных кампаніях. Нашы кампаніі наймаюць еўрапейскіх менеджэраў, інжынераў, тэхнолагаў. Не бачу, чаму на гэтыя пазіцыі не могуць прэтэндаваць беларусы, якія атрымалі адукацыю і досвед працы на Захадзе. Узровень заробкаў для такіх спецыялістаў становіцца супастаўным, але калі ты пачынаеш лічыць грошы, то аказваецца, што нават калі заробак тут менш, але свабодная грашовая рэшта такая ж, як на Захадзе, ці нават вышэй. Тут ніжэйшыя цэны, наяўнасць паблізу блізкіх сваякоў дазваляе карыстацца сямейнымі рэсурсамі, напрыклад, у выхаванні дзяцей.

Такога разрыву ва ўзроўні жыцця і кар'еры, які існаваў у 90-я гады, цяпер няма. Наадварот, для тых, хто вучыўся на Захадзе, тут больш кар'ерных магчымасцяў, чым там.

- Ведаю, што ІПМ атрымалася стварыць кам'юніці беларусаў, якія выкладаюць эканоміку ў ВНУ Еўропы і ЗША. Ці ёсць сёння магчымасці, працуючы за мяжой, не парываць сувязяў з радзімай?

- Ёсць вялікая група беларусаў, якая атрымала эканамічную адукацыю, абараніла PhD. Яны актыўна прымаюць удзел у жыцці краіны. Прафесары Міхаіл Прановіч, Міхаіл Галасоў і Юры Церлюкевіч ўваходзяць у Кансультатыўны Савет пры Нацыянальным банку Беларусі, мы ладзім аспіранцкія і студэнцкія школы, дзе праводзяць заняткі нашы суайчыннікі. Яны ўдзельнічаюць у сумесных даследаваннях.

Добра, калі ёсць моцная дыяспара ў розных краінах свету, якая займае сур'ёзныя пазіцыі ў акадэмічнай супольнасці або ў бізнесе. Яна забяспечвае камунікацыю сваёй краіны з тымі краінамі, у якіх прадстаўнікі дыяспары жывуць. Абсалютна выбітная роля кітайскай, польскай дыяспары ў развіцці сваіх краін. Яны забяспечваюць прыток інвестыцый, дзеляцца вопытам. Даволі высокі ўклад польскай дыяспары ў трансфармацыю краіны, якая пачалася ў 90-я гады. Магчымасці цяпер ёсць, яны запатрабаваныя і будуць толькі павялічвацца.

Адкрытыя ў кампаніі вакансіі:

  • Няма адкрытых вакансій у дадзенай кампаніі!

Пра кампанію

Першым партнёрам праекта «Тваё заўтра» стала бізнес-школа ІПМ. Яе кіраўнік Павел Данейка працаваў за мяжой, але рэалізаваў у Беларусі паспяховы праект бізнес-школы, дзе павысілі сваю кваліфікацыю тысячы бізнесменаў і менеджэраў. На яго думку, беларускія выпускнікі заходніх ВНУ на рынку запатрабаваныя.